ВА́ЛЬТЭР ФОН ДЭР ФО́ГЕЛЬВАЙДЭ
(Walther von der Vogelweide; каля 1170 — каля 1230),
нямецкі і аўстрыйскі паэт-мінезінгер. Паводле розных версій, нарадзіўся або ў Ціролі (Аўстрыя), або ў Швейцарыі, або ў Сярэдняй Германіі. Вёў жыццё вандроўнага паэта, жыў пры дварах Філіпа Швабскага, Германа Цюрынгскага, Фрыдрыха II. Пісаў лірычныя песні (у асн. пра каханне, часта з маральна-дыдактычным адценнем) і шпрухі—песні-павучанні. Насуперак традыцыі меланхалічнага мінезангу, што панавала пры Венскім двары, апяваў радасці жыцця і кахання, сцвярджаў права чалавека на зямное шчасце. Пераадольваючы схематызм мінезангу, узбагаціў яго каларытнымі жывапіснымі дэталямі і новымі матывамі (гал. гераіня верша «Каханая, хай Бог...» не высакародная дама, а простая дзяўчына са шчырым сэрцам). Упершыню ўвёў у куртуазную паэзію нар. песенныя структуры («У гаі, пад ліпкай...» — славутая песня з вясёлым нар. рэфрэнам «тандарадай» і інш.). Яго песні адметныя прастадушнасцю, дэмакратычнасцю, шчырасцю інтанацыі і вытанчанасцю.
Тв.:
Рус. пер. — Стихотворения М., 1985.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)